Language

Галоўная Пасольства Навіны

Аб адкрыцці выставачнага праекта мастака Віктара Альшэўскага “Кропка адліку”

7 верасня 2018 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядомага беларускага мастака Віктара Альшэўскага ”Кропка адліку“.

Прафесар Віктар Альшэўскі – вядомы беларускі мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, неаднаразова з’яўляўся ініцыятарам і куратарам нацыянальных і міжнародных мастацкіх арт-праектаў. Работы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь, выставачным аб’яднанні “Цэнтральны дом мастака” (Масква); мастацкіх галерэях Германіі, Нарвегіі, Польшчы, Сербіі, Венгрыі, Італіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Турцыі, Сірыі, Кітая і шэрагу іншых краін, знаходзяцца ў калекцыі караля Іспаніі Хуана Карласа I.В. Альшэўскі з’яўляўся таксама адным з ініцыятараў стварэння Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі праект “Кропка адліку” ўключае ў сябе чатыры раздзелы: “Музеі свету”, “Мой Мінск”, “Фрагменты Вавілонскай вежы”, “Партрэт сучасніка” і з’яўляецца своеасаблівым падсумаваннем важнага этапу творчай дзейнасці мастака.

Выставачны праект праходзіць пад патранатам Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Адным з ініцыятараў і арганізатараў арт-праекта выступілі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА.

У сваім прывітальным слове на цырымоніі адкрыцця арт-праекта Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка адзначыў, што наша краіна па праву ганарыцца ўзроўнем развіцця беларускай культуры, адным з найбольш яскравых напрамкаў якой з’яўляецца выяўленчае мастацтва. П.Латушка падкрэсліў, што добрым прыкладам запатрабаванасці і высокай ацэнкі беларускага выяўленчага мастацтва з’яўляецца ўдзел каля 100 беларускіх мастакоў у разнастайных выставах, арганізаваных за апошнія пяць год пры падтрымцы дыпламатычных місій Беларусі ў Францыі і Іспаніі. Сярод іх варта асабліва вызначыць удзел беларускіх мастакоў, а таксама атрыманыя імі ўзнагароды ў рамках міжнароднага салона сучаснага выяўленчага мастацтва “Арт Капітал” у палацы ў “Гранд-Пале” і ў “Восеньскім салоне на Елісейскіх палях” у г.Парыжы. У якасці аднаго з апошніх знакавых праектаў, арганізаваных па ініцыятыве В.Альшэўскага Пасол Беларусі ў Францыі вылучыў мастацкую выставу “Ад Лісабона праз Мінск, Маскву, Астану да Уладзівастока”, якую наведалі дзясяткі тысяч беларускіх і замежных аматараў выяўленчага мастацтва ў Беларусі, Расіі, Казахстане і Партугаліі.

Выстава працягнецца да 30 верасня 2018 г.